?

Log in

No account? Create an account
не догонишь

kotka_yanka


Свободу кошкам, которые гуляют сами по себе!


Сіла блогу
не догонишь
kotka_yanka



Як раз у той дзень, калі ў Мінску ў чарговы раз міліцыя разганяла "маўклівую" акцыю, журналісты і блогеры з розных куткоў свету дыскутавалі ў Бонне аб палітычных магчымасцях сацыяльных сетак.

Канферэнцыя , у рамках якой адбывалася дыскусія называлася "Правы чалавека ў глабальным сусвеце. Выклікі для медыя",  але пра блогераў, сацыяльныя сеткі і іх ролю ў абароне правоў чалавека на ёй гаварылі часцей, чым пра журналістаў, іх прафесійныя стандарты, іх этычныя прынцыпы. 

Прычына - арабская вясна, якая літаральна ўскалыхнула свет і  сур'ёзна паўплывала на сучасную медыяпрастору. Ужо сёння эксперы вымушаныя прызнаваць, што традыцыйная журналістыка прайграла ў спаборніцтве з блогерамі пры асвятленні канфліктаў  у Лівіі, Сірыі, Егіпце.

Блогеры працавалі хутчэй і заўсёды знаходзіліся ў гушчы падзеяў, тым часам як журналісты "займалі пазіцыі" на дахах сваіх гатэлей, і адтуль "за пяць кіламетраў ад падзей" спрабавалі "здагадацца", што рэальна адбываецца, лічыць журналіст з Германіі Маркус Бекедахль (Markus Beckedahl).

Між тым, як прызнаюцца самыя блогеры, іх палітычная роля ў тых зменах, якія адбыліся ў арабскім свеце цягам першай паловы года, перабольшваецца.

Як прызнаецца егіпецкі блогер Махамед Ібрагім, які спрычыніўся да стварэння блогу   We are all Khaled Said, ён ніколі не меў ні толькі ніякіх палітычных амбіцый, але і не быў сябрам ніякай палітычнай партыі ці грамадскага аб'яднання.

"Пасля смерці ад рук паліцэйскіх 28-гадовага Халеда Саіда, мы арганізавалі старонку ў Інтэрнэце не дзеля таго, каб зрабіць рэвалюцыю, але для таго, каб падняць пытанне абароны правоў чалавека ў Егіпце. Мы больш не маглі маўчаць аб гэтым. Людзі, якіх мы сабралі на старонке, не палітыкі, яны проста хваляваліся за будучыню сваёй краіны. Хачу, каб вы разумелі, гэта не сацыяльныя медыя ішлі на вуліцы, гэта былі людзі. Сацыяльныя медыя былі толькі інструментам", - зазначае Махамед Ібрагім.

Блогер з Туніса Ахмед Зідан згодны з "калегам" з Егіпту: "Наіўна думаць, што сацыяльныя сеткі ці блогеры могуць стварыць рэвалюцыю. Бо сапраўдныя змены адбываюцца не за кампутарамі"...

Што да зменаў, то яны не заўсёды прыходзяць і пасля таго, як людзі збіраюцца разам і, нарэшце, скідваюць дыктатараў, лічыць Ліна Бен Мхені - маладая тусніская дзеўчына, якая стала пераможцай BOBs award.  У сваім блогу Ліна размяшчала фотаздымкі і імёны людзей, якія загінулі ў Тунісе напрыканцыі мінулага і пачатку гэтага году, здымкі з месцаў народных хваляванняў, свае асабістыя ўражанні ад таго, што адбывалася ў яе краіне.
 
Сёння Ліна шчыра прызнаецца, што Туніс хоць і пазбавіўся ад дыктатара, да рэальных пераменаў краіне яшчэ далёка.

"Адразу пасля рэвалюцыі я ўвайшла ў склад камісіі, якая павінна была займацца рэфармаваннем медыя ў краіне. Я думала, што ў Тунісе, нарэшце, з'явіцца свабода слова. Але нічога так і не змянілася, а сакрэтная паліцыя як працавала, так і працуе", - прызнаецца Ліна. З камісіі яна дабраахвотна выйшла. І працягвае пісаць у свой блог, карыстаючыся  магчымасцю адносна вольна жыць у Інтэрнэт-прасторы.